ТУ́РАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік стараж.-рус. дойлідства 12 ст. ў г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. Пабудавана на гарадзішчы стараж. Турава. Рэшткі царквы адкрыты і абследаваны М.​Каргерам у 1963. Царква ўяўляла сабой 4-слуповы 3-нефавы храм з нартэксам і апсідамі. Падмуркі складзены з валуноў насуха. Сцены ўзведзены ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі (захаваліся на выш. ад 0,3—0,5 да 2 м). Агульныя памеры царквы 28,2×16,5 м. Асаблівасць разбіўкі плана ў тым, што спачатку былі распланаваны межы храма па правым баку, а потым па левым (паўн.). У выніку гэтага была зроблена памылка ў адмеры модуляў на 1 локаць (0,43 м), што адбілася ў перакошанасці плана. Лапаткі, якія адпавядаюць усх. пары падкупальных слупоў, змешчаны на У з такім разлікам, каб павялічыць плошчу ўспрыняцця вагі ад барабана з купалам і распор скляпенняў. Аналагічны канстр. прыём выкарыстоўваўся ў гродзенскім дойлідстве 12 ст. (Ніжняя царква ў Гродне). Будынак меў канструкцыі, узведзеныя пазней за асн. аб’ём. Падлога царквы была выкладзена паліванымі пліткамі. Храм разбурыўся (дата невядома) у выніку моцнай дэфармацыі і значнага нахілу сцен. Зроблена некалькі варыянтаў графічных рэканструкцый Т.ц. (арх. Г.​А.​Лаўрэцкі і інш.).

Літ.:

Каргер М.К. Новый памятник зодчества XII в. в Турове. М., 1965;

Лысенко П.Ф. Туровская земля IX—XIII вв. 2 изд. Мн., 2001.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Тураўская царква. Фрагмент падмурка.
Тураўская царква. Графічная рэканструкцыя Г.​А.​Лаўрэцкага.

т. 16, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)